/ / Общественно-политические
06.04.2017

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім аб Дэкрэце № 3

Мы ўсе як грамадзяне краіны з'яўляемся падаткаплацельшчыкамі і мусім сплачваць падаткі, калі маем прыбытак. Так робіцца ва ўсім свеце. Разам з тым ёсць пэўная група людзей, якія не хочуць выплочваць падаткі, нягледзячы на тое, што яны маюць даходы, часта немалыя, працуючы без афіцыйнага афармлення, або наўпрост утойваючы сапраўдны памер прыбыткаў. Менавіта на іх найперш і павінна было быць накіравана дзеянне Дэкрэта № 3, выкананне якога стала адным з самых вострых пытанняў апошніх месяцаў.

Алена Анісім

Разам з тым нямала людзей як у вялікіх гарадах, так і ў сельскіх населеных пунктах не маюць магчымасці ўладкавацца на работу па спецыяльнасці з больш-менш адэкватным заробкам, спрабуюць шукаць працу самастойна ці перабіваюцца нейкімі падпрацоўкамі. На біржы яны ў свой час не рэгістраваліся, бо не бачылі сэнсу, а сітуацыя на раённым узроўні дапаўняецца яшчэ і транспартнымі праблемамі – складанасцю (фінансавай у тым ліку) дабірацца да раённага цэнтра, каб рэгулярна адзначацца ці выконваць грамадскія работы.

Трэба назваць і традыцыйную для ўсіх грамадстваў катэгорыю так званых «хатніх гаспадынь». Паводле Дэкрэта яны павінны рабіць вызначаныя выплаты. Але ж мы забываемся на тое, што гэтыя жанчыны не карыстаюцца такім правам, як аплата бальнічнага, як правіла, дзеці ў такіх сем'ях хварэюць менш, а значыць, і тут ёсць эканомія бюджэтных сродкаў.

Неабходна асобна выдзеліць яшчэ адну значную групу жыхароў, якія падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта. Гэта тыя, хто працуе зрэдку ці не працуе зусім, бо мае алкагольную (ці наркатычную) залежнасць.

Адносіны і падыходы да кожнай з гэтых (не ўсіх, а толькі асноўных) груп не могуць быць аднолькавыя.

Так, у першым выпадку выяўляць людзей, якія не жадаюць аплачваць падаткі з сваіх даходаў, але карыстаюцца рознымі правамі, набываюць даволі дарагія рэчы, будуюць шыкоўныя дамы – найпершая задача падатковай інспекцыі. І так робіцца ва ўсім свеце.

Што датычыцца іншых груп, то да іх павінна быць і іншае стаўленне. Як на маю думку, дэкларуючы сацыяльную скіраванасць дзяржавы, варта даць магчымасць тым, хто жадае, займацца хатняй гаспадаркай да дасягнення дзецьмі ўзросту 14 гадоў. Гэта норма ў свой час была ўведзена, бо менавіта да 14 гадоў маці давалі бальнічны па доглядзе за дзіцем.

Для тых, хто спрабуе, але не можа самастойна знайсці працу, трэба прадугледзець механізм самазанятасці, як гэта дзейнічае ў выпадку з рамеснікамі і фатографамі, што выплачваюць вызначаны фіксаваны падатак на права займацца дзейнасцю і аказваць адпаведныя паслугі. Ва ўмовах сучаснай эканамічнай сітуацыі і ў сілу асабістых абставін не кожны чалавек можа зарэгістраваць ІП, прафесійна весці бухгалтэрыю і іншую дакументацыю, але можа аказваць паслугі рознага характару: рамантаваць аўто, працаваць цырульнікам дома, дапамагаць у апрацоўцы зямельных надзелаў і г. д. Такіх людзей трэба заахвоціць урэгуляваць адносіны з дзяржавай прымальным даступным спосабам.

Датычна групы людзей, якія маюць алкагольную залежнасць. Гэта адно з самых балючых пытанняў як асабістага, так і агульнадзяржаўнага маштабу. Некалькі гадоў таму мой папярэднік у Палаце прадстаўнікоў Мікалай Іванчанка правёў у нашай выбарчай акрузе значную работу, звязаную з праблемай алкагалізацыі насельніцтва. Адбылося пасяджэнне круглага стала, вынікі былі агучаны ў Палаце прадстаўнікоў, сфармуляваны досыць радыкальныя прапановы ўраду краіны. На жаль, не дайшла справа да парламенцкіх слуханняў па гэтай тэме.

Сёння, у адпаведнасці з Дэкрэтам № 3, шматлікая колькасць алкагольназалежных людзей знаходзіцца ў спісе непадаткаплацельшчыкаў, верагоднасць іх паспяховага працаўладкавання і сацыялізацыі мізэрная.

Мала таго, значная сума расходаў выпадае на абслугоўванне іх у медыцынскіх установах, дзяцей з такіх сем'яў забіраюць у прытулкі, што зноў жа цягне за сабой расходы з бюджэту, на глебе сацыяльнай неўладкаванасці адбываюцца крымінальныя здарэнні і г. д. Таму, на маю думку, з улікам дзейнасці Дэкрэта № 3 трэба вярнуцца да згаданых вышэй дакументаў, якія былі напрацаваны ў плане дэалкагалізацыі насельніцтва нашай краіны. Фактычна, мы мусім прыняць агульнадзяржаўную праграму, каб спыніць працэс поўнага разбурэння вясковага побыту і ўцягванне моладзі ў багну алкагалізму. (Акцэнтую менавіта на вяскоўцах, бо ў апошнія гады пашыраецца тэндэнцыя да перасялення адзінокіх алкагольназалежных людзей з гарадоў менавіта ў вёскі, але праграма павінна распаўсюджвацца на гэту мэтавую групу па ўсёй краіне.) А пасля распрацоўкі апрабаваць яе варта ў нейкім асобным раёне з мэтай удасканалення.

Безумоўна, я не пералічыла ўсе магчымыя варыянты жыццёвых сітуацый, якія трэба прадугледзець у адпаведным заканадаўчым акце, маючы сёння досвед яго прымянення.

Што яшчэ хачу адзначыць з непасрэднага ўдзелу ў дзейнасці камісіі па вырашэнні пытанняў, звязаных з выкананнем Дэкрэта № 3, гэта значную работу па ўдасканаленні базы звестак па грамадзянах, удакладненні іх месцазнаходжання і фактычнай ацэнцы іх маёмаснага становішча, якую праводзяць дэпутаты мясцовых Саветаў сумесна з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Другое, што варта прызнаць як станоўчы факт: члены камісіі (не ўсе, але большасць) становяцца на бок грамадзян і вызваляюць ад выплаты збору, калі ёсць заява і любая нагода аб прызнанні цяжкіх жыццёвых абставін. Тым самым менавіта на мясцовым узроўні можа адбыцца аднаўленне даверу да ўлады, калі ёсць разуменне сітуацыі, падтрымка людзей, дапамога ў іх сацыялізацыі і працаўладкаванні. Калі ж падчас гэтай справы будуць адбывацца несправядлівыя рэчы, накшталт пратэкцыянізму ці неабгрунтаванага ўціску, то гэта толькі паглыбіць тую расколіну, якая сёння назіраецца ў нашым грамадстве. У цэлым гэта сацыяльная ўзрушанасць, якая даўно выспявала і час ад часу пра сябе нагадвала, падштурхоўвае да асэнсавання таго, што трэба мяняць унутраную палітыку з мэтай забеспячэння элементарных правоў людзей, у тым ліку права на свабоду слова. Гэта тэма для далейшых разваг і абмеркаванняў на ўсіх узроўнях: ад мясцовага да агульнадзяржаўнага.

Алена АНІСІМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе №70

«Звязда», 6 красавіка 2017 г.