/ / Общественно-политические и в области права
10.07.2018

Цішыня з 23.00 да 7.00 і мірнае жыццё з суседзямі: Што можна і калі нельга падчас рамонту?

Кожны з нас сутыкаецца з неабходнасцю невялікага бытавога рамонту ў сваёй кватэры. Камусьці трэба будзе дываны перавесіць, іншым – балкон абшаляваць, падлогі пераслаць, замяніць сантэхніку і іншае. Пры гэтым гаворка не ідзе аб глабальным рамонце, а ўсяго толькі аб паляпшэнні камфортнасці жылля. Але што рабіць, калі працуеш увесь тыдзень, а час для рамонту застаецца толькі ў выхадныя? Ці можна карыстацца дрылём і іншымі «шумнымі» інструментамі, калі астатнія суседзі заслужана адпачываюць і могуць «у штыкі» ўспрыняць гэтыя работы ў вашай кватэры? Давайце разбяромся ў гэтым пытанні. Што можна і калі нельга?

Ремонт

Не свідраваць, а то аштрафуюць

Спачатку вызначымся з пералікам работ, якія выконваць у выхадныя наогул нельга. Дык вось, як паведамляе партал камунальнай адукаванасці, усе работы па пераўладкаванні і перапланіроўцы, якія ствараюць шум або вібрацыю, у выхадныя (суботу і нядзелю), а таксама святочныя дні заканадаўствам забароненыя. У будныя дні пачынаць такія работы раней за 9 гадзін і заканчваць іх пазней 19 гадзін таксама нельга. Калі парушыць гэтыя правілы, суседзі маюць права паскардзіцца – і вас аштрафуюць. Што ж адносіцца да перапланіроўкі кватэры?

Выконваць многія з гэтых работ без спецыяльных узгадненняў з выканкамам не толькі ў выхадныя, але і ў працоўныя дні нельга. Такім чынам, да работ па перапланіроўцы ў кватэры адносяцца:

  • замена або перанос сістэм газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смеццявыдалення і газавыдалення; 
  • устройванне гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі;
  • змены ў апорных канструкцыях;
  •  павелічэнне (памяншэнне) плошчы, колькасці жылых пакояў і падсобных памяшканняў у кватэры за кошт разборкі існуючых перагародак; 
  • змена плошчы і колькасці памяшканняў у ізаляваных нежылых памяшканнях за кошт разборкі існуючых перагародак; 
  • павелічэнне праёмаў у ненясучых сценах і перагародках.

Дарэчы, перарабляць лоджыі ва ўцеплены пакой закон наогул забараняе.

Цішыня з 23.00 да 7.00

Іншыя работы перапланіроўкай або перабудовай не лічацца, што азначае: уцяпляць або абшываць сцены ў кватэрах і лоджыях, усталёўваць падвесныя столі, змяняць падлогавае пакрыццё, сантэхніку, дзверы ў пакоях і іншае можна і ў суботу, і ў нядзелю, і ў святочныя дні. Але... Тут галоўнае, што будуць выконвацца ўмовы захавання Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. Апошнія кажуць пра тое, што ў перыяд з 23 да 7 гадзін не павінны ажыццяўляцца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку выкананне бытавых (рамонтных) работ, правядзенне ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкае закрыццё дзвярэй і іншыя дзеянні).

Вядома, акрамя захавання заканадаўчых нормаў, неабходна яшчэ кіравацца і здаровым сэнсам — наўрад ці суседзяў узрадуе працяглая работа дрыля ці пастаянны грукат і шум кожны выхадны.

Рамонт без бойкі

Як жа ўсё-такі зрабіць рамонт і не перасварыцца з тымі, хто жыве побач? Грунтуючыся выключна на вопыце тых, хто рабіў рамонт у кватэры, можна прапанаваць некалькі парад, якія будуць вельмі карысныя.

Па-першае, суседзяў трэба папярэдзіць, што вы плануеце ў найбліжэйшыя выхадныя правесці рамонт і трошкі пашумець, папрасіўшы іх паставіцца да гэтага паблажліва. Галоўнае правіла тут – ветлівасць. Дарэчы, у некаторых таварыствах уласнікаў заключаюць з усімі жыхарамі своеасаблівы дагавор, у якім яны абавязваюцца пры неабходнасці выконваць работы ў зручны суседзям час.

Па-другое, падчас рамонту лепш засцерагчы і сябе, і сваіх суседзяў ад рознага роду непрыемнасцяў: напрыклад, працёкаў (што магчыма пры змене сантэхнікі і труб), засмечанасці труб (калі мыць у ракавіне інструменты, запэцканыя ў гіпсе, цэменце і іншых будаўнічых сумесях). Акрамя гэтага, трэба паклапаціцца і пра вываз смецця, якое пасля маштабнага рамонту запасіцца ў вялікіх аб'ёмах. Кантэйнеры ў дварах прызначаныя выключна для бытавых адходаў. А калі вы заб'яце іх рэшткамі старой сантэхнікі ці кавалкамі тынкоўкі, канфліктаў з суседзямі не пазбегнуць.

Па-трэцяе, калі вы робіце рамонт не сваімі рукамі, а звяртаецеся па дапамогу да іншых работнікаў, папрасіце будаўнічую брыгаду выконваць шумныя работы з перапынкамі, магчыма, суседскім дзецям ці старым трэба паспаць днём. Растлумачце работнікам, што пры ўзнікненні канфліктнай сітуацыі з суседзямі яны павінны спыніць работу. Акрамя таго, неабходна будзе вырашыць пытанне прыборкі, паколькі наўрад ці пры маштабным рамонце будзе чыста не толькі ў кватэры, але і ў пад'ездзе.

Сяргей Куркач, «Звязда» 10 ліпеня 2018 г.