/ / Общественно-политические
20.07.2018

Прыклад калег – вучоба для дэпутата. Кацярына Зенкевіч: Дэпутат – гэта не прафесія

– Дэпутат – гэта не прафесія, – падкрэслівае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. – Няма такіх універсітэтаў, дзе вучаць «на дэпутата». Таму дэпутатам усіх узроўняў даводзіцца падрабязна ўнікаць у асаблівасці работы самых розных галін народнай гаспадаркі. І ўсё для таго, каб мець магчымасць задаць пытанні сваіх выбаршчыкаў адказным асобам, накіраваць запыт у інстанцыю, якая адпавядае азначанай праблеме.

Кацярына Зенкевіч

Месца дэпутата там, дзе выбаршчык

– Кацярына Анатолеўна абрана старшынёй абласнога Савета дэпутатаў сёлета. Аднак яе кампетэнцыя на ранейшай пасадзе – кіраўніка камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскай вобласці – дапамагае ўпэўнена разважаць пра многія праблемы новай работы.

– На працягу амаль 10 гадоў, калі вырашала задачы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, я цесна супрацоўнічала з Саветамі ўсіх узроўняў: ад базавага да абласнога. Часта нашы ініцыятывы накіроўваліся Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Значная частка пытанняў грамадзян да дэпутатаў звязана з тым, што не заўсёды дзяржаўныя органы кіравання вядуць работу з насельніцтвам на належным узроўні.

Здараецца, не ўлічваюць, што зварот паступіў ад сталага чалавека. Або грамадзянін не ў сілах самастойна разабрацца ў існуючым заканадаўстве. У выніку дзяржаўны орган накіроўвае чалавеку незразумелую ці няпоўную інфармацыю. Таму на прамую тэлефонную лінію дэпутатам паступае вялікая колькасць дастаткова простых жыццёвых пытанняў. Напрыклад, людзі цікавяцца: калі адрамантуюць дарогу, калі пакосяць траву, калі прыедуць нарыхтоўшчыкі ягад, чаму зямельны ўчастак вакол дома не афармляюць у пажыццёвае спадчыннае валоданне, а прапануюць у арэнду. У апошнім выпадку нават дэпутат не адразу разбярэцца ў нюансах, хоць усё адно чалавеку трэба дапамагчы. Дарэчы, месца дэпутата ў першую чаргу там, дзе яго выбаршчык.

– Таму многія вашы мерапрыемствы выязныя і праходзяць практычна ва ўсіх рэгіёнах вобласці?

– Такім чынам мы можам вучыцца адзін у аднаго. Для гэтага ў Гомельскай вобласці зацверджаны план-графік вучобы старшынь Саветаў першаснага і базавага ўзроўняў, якія цесна ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі жыхарамі і змогуць данесці да кожнага інфармацыю па любым пытанні. У нас ужо прайшоў шэраг практычных семінараў: у Светлагорскім, Рэчыцкім, Хойніцкім раёнах.

На такіх семінарах прысутнічаюць не толькі дэпутаты, але і прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, прадпрыемстваў і арганізацый. У кожным раёне сфарміраваўся свой стыль работы, сістэма ўзаемадзеяння паміж органамі ўлады. Падчас такіх мерапрыемстваў удзельнікі адзначаюць для сябе тое, што будзе карысна і запатрабавана ў іх дзейнасці. На гэтых практыкумах заўсёды адбываюцца актыўныя жывыя стасункі і абмен думкамі. Адзначу, што такія семінары, хоць і праходзяць па графіку, не прызначаюцца. Дэпутаты самі выступаюць з ініцыятывай. Прапануюць: рашэнне гэтай праблемы давайце паглядзім у мяне, а гэтай – у іншым раёне.

– Якія пытанні дэпутаты ўжо вывучалі на такіх семінарах?

– У першую чаргу тыя, што адносяцца непасрэдна да кампетэнцыі Саветаў. Вялі размову пра бягучыя задачы сельсаветаў, аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», аб практыцы інфармавання насельніцтва пра дзейнасць дэпутатаў, аб узаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання з падраздзяленнямі МНС, аб рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі, аб добраўпарадкаванні... Паўтараю, што гэта не тэарэтычныя заняткі, а вывучэнне практычнай дзейнасці з удзелам прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Вынікам, як правіла, з'яўляюцца пэўныя мерапрыемствы для кожнага Савета.

Што можа народны абраннік

– Як Вы лічыце, у дэпутатаў сёння досыць паўнамоцтваў для рашэння праблем выбаршчыкаў?

– Дэпутаты ўпаўнаважаны прадстаўляць інтарэсы жыхароў сваёй акругі на пасяджэннях Саветаў і ў розных арганізацыях. Акрамя таго, дэпутат Савета мае права на першачарговы прыём службовымі асобамі і доступ у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі. Ён можа адправіць запыт і зварот, удзельнічаць у праверках работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў адносіцца зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, а таксама рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі розных дзяржаўных праграм, бюджэту і справаздач пра іх выкананне, устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў, вызначэнне парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю... У дэпутата многа творчай, канкрэтнай і карыснай работы. З улікам таго, што склад Гомельскага абласнога Савета абнавіўся амаль на 60 %, я бачу, што ў нашых дэпутатаў яшчэ не замыліўся погляд на праблемы і магчымасці іх вырашэння.

– Кацярына Анатолеўна, Вы прайшлі кантрольныя 100 дзён на новай выбарнай пасадзе. Што можаце запісаць у свой актыў?

– Адбыліся тры сесіі абласнога Савета. Яны прайшлі ў атмасферы жывой палемікі. Мы разглядалі некаторыя перспектыўныя кірункі для развіцця рэгіёна. Мы сфармавалі план сваёй работы на бягучы год. У яго ўключаны першачарговыя, надзённыя задачы. Напрыклад, у канцы чэрвеня мы разгледзелі меры, якія прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

– Улічваючы актуальнасць гэтага пытання, раскажыце падрабязней: якія крокі робяцца ў гэтым кірунку на Гомельшчыне.

– На працягу шэрагу гадоў у вобласці прыярытэт для выканаўчай улады і Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў – сістэмная работа па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы, самазанятасці насельніцтва, стварэнні новых працоўных месцаў. Закладзеныя ў Дэкрэце № 7 нормы па ліквідацыі залішніх адміністрацыйных бар'ераў, мінімізацыі ўмяшання дзяржавы ў работу эканамічна актыўных пластоў насельніцтва, узмацненні самарэгулявання бізнесу робяць пытанні яго арганізацыі прасцейшымі, зразумелымі і даступнымі для грамадзян. У Гомельскай вобласці праведзена і працягвае праводзіцца вялікая растлумачальная работа па давядзенні асноўных прынцыпаў гэтага дакументу да людзей. Важна ўцягнуць іх у працэс самазанятасці, зацікавіць у стварэнні або развіцці ўласнай справы. Гэтаму спрыяюць семінары з удзелам прадстаўнікоў бізнес-супольнасцяў. Таксама ў СМІ рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы растлумачальнага характару. Праводзяцца адпаведныя сустрэчы і семінары, а на гомельскім абласным тэлебачанні выходзіць цыкл перадач пра магчымасці стварэння сваёй справы.

Як стымуляваць самазанятасць

– Наколькі ведаю, у вобласці створана рабочая група, якая ўвесь час праводзіць інфармацыйна-растлумачальную работу на гэты конт...

– Так, а акрамя таго, арганізаваны штотыднёвы маніторынг рынку працы, які дазваляе прымаць кіраўніцкія рашэнні па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Увесь час дзейнічаюць камісіі садзейнічання занятасці ў раённых і гарадскіх выканкамах і мясцовых адміністрацыях. У іх склады ўключаны дэпутаты ўсіх узроўняў, а старшыні раённых ці гарадскіх Саветаў дэпутатаў іх узначальваюць. Камісіі праводзяць шырокую інфармацыйную работу па растлумачэнні сацыяльна-працоўных гарантый, якія даюцца дзяржавай грамадзянам, арыентацыі іх на ажыццяўленне легальнай дзейнасці. Акрамя таго, як вынік гэтай дзейнасці, Гомельскі абласны Савет дэпутатаў у верасні заслухае справаздачу аб рабоце ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама.

– Прывядзіце, калі ласка, пэўныя прыклады: як дзяржава спрыяе стварэнню новых працоўных месцаў менавіта ў выглядзе самазанятасці.

– На Гомельшчыне заўсёды ўдзялялася пільная ўвага навядзенню парадку на зямлі, у сельскай мясцовасці, малых гарадах, на кожным прадпрыемстве. Дэпутаты мясцовых Саветаў актыўна ўдзельнічалі ў развіцці сваіх тэрыторый. Мы працягваем гэту работу – асабліва ў Год малой радзімы. Я крыху ўспомню пра работу на папярэднім працоўным месцы, тым больш што гэта цесна звязана з работай Саветаў. Дзяржава актыўна стымулюе прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу набываць дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца.

Для гэтага ўстаноўлены значныя льготы для набыцця такой маёмасці і вядзення бізнесу з яе выкарыстаннем. На базе набытых на льготных умовах аб'ектаў у Гомельскай вобласці створана больш за 1,5 тысячы новых працоўных месцаў. Улічваючы, што маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, – эканамічны рэзерв для развіцця дзелавой ініцыятывы, у Гомельскай вобласці мясцовымі выканаўчымі камітэтамі з удзелам дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў у канцы 2016 года было праведзена маштабнае абследаванне ўсёй тэрыторыі рэгіёна і зроблены высновы пра фактычную эфектыўнасць выкарыстання, забеспячэнне захаванасці нерухомай маёмасці, у тым ліку жыллёвага фонду. Таму пытанні ўцягнення ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомасці і зямель, што не выкарыстоўваюцца, – на кантролі прэзідыума абласнога Савета, які разгледзіць справаздачы пра работу органаў кіравання і самакіравання па гэтых кірунках.

– Але ж Савет дэпутатаў будзе вывучаць і ход выканання іншых задач?

– Так, напрыклад, рэалізацыю патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Пра дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарата і павышэнне якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18, кадравую палітыку, выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграм «Камфортнае жыллё», «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», стварэнне ўмоў для развіцця сістэмы адукацыі ў сельскай мясцовасці і многія іншыя. За работай кожнага дэпутата стаіць рашэнне надзённых праблем нашых выбаршчыкаў. У аснове дзяржаўнай палітыкі Беларусі – сацыяльная скіраванасць. І Гомельшчына – яскравы прыклад таго, як павінны рэалізоўвацца сацыяльныя праграмы. Мы будзем працягваць актыўна працаваць над выкананнем усіх пастаўленых задач.

Ірына Асташкевіч, «Звязда», 20 ліпеня 2018 г.
(Фота – Алена Смусянок)

Теги: депутат