/ / Общественно-политические
18.06.2018

У працэсе развіцця: Якія законы разгледзелі дэпутаты на чарговым пасяджэнні сесіі Палаты прадстаўнікоў

Змяненні і дапаўненні ў Лясны і Банкаўскі кодэксы, закон аб СМІ і некаторыя іншыя законы разгледзелі дэпутаты на чарговым пасяджэнні сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Парламентарыі пракаментавалі, якія абнаўленні прапаноўваліся на разгляд.

заседание Палаты представителей шестого созыва

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанец расказала, як ідзе абмеркаванне змяненняў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі». «З моманту прыняцця закона ў першым чытанні прайшло амаль два месяцы. Увесь гэты перыяд пастаянная камісія інтэнсіўна рыхтавала праект закона да другога чытання. Адбылося сем пасяджэнняў камісіі, у тым ліку пашыранае з удзелам журналісцкай супольнасці», – адзначыла Валянціна Ражанец. Частка прапаноў была ўлічана. Напрыклад, Белтэлерадыёкампанія прапанавала паменшыць тэрмін захоўвання матэрыялаў з дванаццаці месяцаў да шасці. Таксама прадугледжаны парадак абскарджання рашэнняў Міністэрства інфармацыі аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў і аб адмове ў аднаўленні доступу да гэтых выданняў. Акрамя таго, падтрымана прапанова па больш мяккім пераходзе да напаўнення вяшчання тэлевізійных СМІ беларускім кантэнтам. Будзе ўлічвацца не штотыднёвы, а штомесячны перыяд. Таксама не менш за 15 % аб'ёму неабходна будзе забяспечыць па выніках шасці месяцаў, а не менш за 30 % – па выніках двух гадоў са дня ўступлення закона ў сілу.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах Таццяна Сайганава дакладвала пра змяненні і дапаўненні ў Банкаўскі кодэкс. Парламентарый расказала: «Па-першае, у кодэксе замацоўваецца палажэнне пра тое, што ў банка не можа быць менш за два заснавальнікі. Пералік банкаўскіх аперацый, відаў дзейнасці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый будзе ўстанаўліваць Нацыянальны банк Беларусі, што дазволіць больш гібка рэгуляваць іх дзейнасць». Акрамя таго, шэраг змяненняў датычыцца перапынення дзейнасці банкаў. У прыватнасці, змяняецца парадак ліквідацыі банка, калі ўстанова сама яе ініцыявала. Да таго ж уносяцца дапаўненні, звязаныя з пашырэннем безнаяўных разлікаў. Змяненні былі прапанаваныя ў тым ліку ў сувязі з неабходнасцю стварэння добрага інвестыцыйнага клімату. Што датычыцца спажыўца, здымаюцца абмежаванні ў выбары страхавой арганізацыі пры заключэнні дагавора. Да таго ж можна адмовіцца ад платных паслуг, і ў гэтым выпадку банк мае права прапанаваць іншы дагавор. Зараз гэта не замацавана заканадаўча. Больш раскрываюцца сітуацыі, у якіх апісваецца, што складае банкаўскую тайну.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук расказала, чаго чакаць ад закона «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Увага, па словах парламентарыя, будзе ўдзелена рэжымам аховы такіх тэрыторый. Прадугледжваецца пералік абмежаванняў і забарон, якія на іх распаўсюджваюцца. Пры гэтым даецца права дзяржаўным органам, якія прымаюць рашэнні пра заснаванне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, устанаўліваць дадатковыя абмежаванні ці забароны на пэўныя віды гаспадарчай ці іншай дзейнасці.

Асаблівая роля адводзіцца планам кіравання такімі тэрыторыямі. Яны ўжо будуць абавязковымі. Гэта звязана з тым, што, з аднаго боку, неабходны больш актыўныя меры па захаванні асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. З другога боку, на думку старшыні камісіі, сёння кожная тэрыторыя – нацыянальны парк, заказнік, помнік прыроды, запаведнік – могуць і павінны з'яўляцца крыніцамі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Перш за ўсё гаворка ідзе пра развіццё экалагічнага турызму. Так, ёсць выпадкі, калі некантраляваны турызм наносіць шкоду прыродным комплексам і аб'ектам. Аднак рэкрэацыйны патэнцыял сёння яшчэ недастаткова задзейнічаны ў нашай краіне. Планы кіравання гэтымі тэрыторыямі дазволяць вызначыць прыярытэты як аховы, так і ўстойлівага развіцця.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Наталля Клімовіч растлумачыла, якія змены датычацца Ляснога кодэкса. Сярод іх – пашырэнне паняцця лесагаспадарчай дзейнасці. Зараз, напрыклад, догляд лесагаспадарчых лясных дарог, рассяканне, расчыстка з мэтай стварэння ці пашырэння лесанасенных плантацый – усё гэта не ўваходзіць у разрад лесагаспадарчых мерапрыемстваў. Існуе такая пэўная калізія. Да таго ж пашыраецца паняцце іншых высечак.

Калі гаварыць пра спажыўца, раней грамадзяне мелі магчымасць нарыхтоўваць драўніну толькі на ўчастках ляснога фонду, якія былі запраектаваныя для такіх работ. Што стварала пэўныя нязручнасці. Напрыклад, чалавек пражывае побач з лясным масівам, дзе паваліла дрэвы з-за ўрагану. Ён не мог нарыхтаваць з іх дровы. Цяпер прапануецца даць магчымасць юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, уносіць змяненні і дазваляць праводзіць такія высечкі. Апошні час развіваецца рамесная дзейнасць з выкарыстоўваннем галін дрэў і ляшчыны. Паводле дзейнага кодэкса, такая нарыхтоўка адносілася да незаконнай высечкі. У законапраекце прапануецца аднесці яе да пабочнага віду лесакарыстання, што не будзе з'яўляцца нейкім парушэннем.

Надзея Анісовіч, «Звязда», 16 чэрвеня 2018 г.