/ / Общественно-политические
19.06.2018

Дапамога па заяўным прынцыпе: Мінпрацы – аб парадку звароту па сацыяльную грашовую дапамогу

Нядаўна на сайце Мінпрацы прайшла анлайн-канферэнцыя на тэму «Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога». У ёй прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Марыя Гарбацэвіч і начальнік аддзела арганізацыі сацыяльнай дапамогі і па справах ветэранаў галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Галіна Лазарэнка.

Социальная помощь

Сёння мы публікуем самыя цікавыя пытанні аб парадку звароту па дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу (ДАСД) і ўмовах яе аказання.

Сям'я можа звярнуцца па дзіцячае харчаванне толькі па месцы рэгістрацыі

– Якім дакументам можна пацвердзіць даходы, атрыманыя ад прадпрымальніцкай дзейнасці, для прызначэння штомесячнай сацыяльнай дапамогі?

Галіна Лазарэнка:

– Даходы ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ўключаюцца ў сярэднедушавы даход сям'і (грамадзяніна) на падставе звестак, што прадстаўляюцца індывідуальным прадпрымальнікам самастойна, і завераных яго подпісам.

– У выпадку звароту па ДАСД у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі сям'і з непаўналетнімі дзецьмі, у якой бацька доўгі час не працаваў, ці будуць у сярэднедушавым даходзе ўлічвацца ўмоўныя аліменты за гэты час (фактычныя прыбыткі бацькі маюцца толькі за два месяцы)?

Марыя Гарбацэвіч:

– Парадак уліку аліментаў у сярэднедушавым даходзе сям'і пры вызначэнні яе права на ДАСД у выглядзе штомесячнай (аднаразовай) сацыяльнай дапамогі, забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця вызначаны п. 14 Палажэння аб парадку ўліку даходаў і разліку сярэднедушавога даходу сям'і (грамадзяніна) для аказання ДАСД, зацверджанага пастановай Саўміна ад 28 сакавіка 2012 г. № 274.

У згаданай сітуацыі ўмоўныя аліменты не будуць улічвацца. Пры гэтым раённай камісіяй па аказанні ДАСД можа быць прынята рашэнне аб аказанні сям'і штомесячнай сацыяльнай дапамогі на няпоўны перыяд з распрацоўкай плана па паляпшэнні матэрыяльнага становішча сям'і.

– Нашай сям'і прызначана штомесячная сацыяльная дапамога на два месяцы і складзены план па паляпшэнні матэрыяльнага становішча. Падкажыце, ці змагу я паўторна звярнуцца па штомесячную сацыяльную дапамогу, калі план не будзе з якіх-небудзь прычын выкананы?

Аляксандр Румак:

– Рашэнне аб перыядзе аказання штомесячнай сацыяльнай дапамогі прымаецца раённай камісіяй з улікам прымаемых сям'ёй мер па паляпшэнні матэрыяльнага становішча. Пры гэтым пры неабходнасці камісіяй распрацоўваюцца мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльнага становішча і вызначаюцца тэрміны іх выканання. У выпадку невыканання такіх мерапрыемстваў з суб'ектыўных прычын пры паўторным звароце сям'я страчвае права на атрыманне штомесячнай сацыяльнай дапамогі.

– У нас у сям'і нарадзіліся двайняты. У бальніцы нам сказалі, што мы можам звярнуцца па дзяржаўную падтрымку на прадукты харчавання для двойні. Падкажыце, якімі прадуктамі харчавання будуць забяспечвацца дзеці? Ці зможам мы атрымліваць імпартныя сумесі?

Марыя Гарбацэвіч:

– Сем'ям пры нараджэнні і выхаванні двайнят і больш дзяцей ДАСД у выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця аказваецца безадносна ўзроўню даходу. Пры гэтым яна аказваецца ў натуральнай форме на кожныя шэсць месяцаў да дасягнення дзіцем узросту двух гадоў. Выдаюцца толькі прадукты айчыннай вытворчасці.

Такая дапамога аказваецца на падставе рэкамендацый доктара-педыятра па рацыёне харчавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго станам здароўя і з улікам прыкладных месячных набораў прадуктаў харчавання для дзяцей ранняга ўзросту, зацверджаных пастановай Мінпрацы і сацабароны і Міністэрствам аховы здароўя.

– Ці мае права сям'я звяртацца па дзіцячае харчаванне па месцы фактычнага пражывання без афармлення часовай прапіскі?

Галіна Лазарэнка:

– Парадак звароту па ДАСД у выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання ўстаноўлены п. 31 Палажэння аб парадку аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, зацверджанага Указам Прэзідэнта ад 19 студзеня 2012 года № 41. Згодна з гэтым пункам, заява падаецца адным з бацькоў у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства або месцы знаходжання. Пры гэтым асноўнай умовай аказання сям'і такога віду дапамогі па месцы яе рэгістрацыі з'яўляецца фактычнае пражыванне дзіцяці па месцы жыхарства (месцы знаходжання) бацькоў.

Адпаведна, зварот па названы від дапамогі магчымы толькі па месцы пастаяннай або часовай рэгістрацыі.

Сэнс дапамогі для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузкаў – дапамагчы інваліду, а не яго сваякам

– Па сацыяльную дапамогу для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузкаў могуць звяртацца члены сям'і інваліда І групы. Якія дакументы могуць быць прадстаўлены членам сям'і для пацвярджэння сваіх паўнамоцтваў у дачыненні да інваліда І групы?

Галіна Лазарэнка:

– Дакументамі, якія пацвярджаюць сваяцтва ў адносінах, могуць быць пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанне аб усынаўленні (удачарэнні) ці копія (выпіска з) рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) і іншыя.

– Я звярнулася па штомесячную сацыяльную дапамогу і падала даведку аб зарплаце, атрыманай за год. Праз некалькі дзён я атрымала з упраўлення сацыяльнай абароны апавяшчэнне, што прадстаўленыя мной звесткі аб заработнай плаце будуць правераны. Ці правамерна гэта?

Аляксандр Румак:

– У адпаведнасці з п. 37 Палажэння аб парадку аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, зацверджанага Указам Прэзідэнта ад 19 студзеня 2012 года № 41, орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мае права праверыць звесткі, названыя ў заяве аб аказанні ДАСД, і таксама размешчаныя ў прадстаўленых заяўнікам дакументах.

Пры правядзенні такой праверкі заяўніку на працягу трох рабочых дзён з дня прыёму заявы паведамляецца аб неабходнасці здаданай праверкі. Таксама яму паведамляецца, што рашэнне камісіі будзе прымацца на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання апошняга адказу на запыт, звязаны з праверкай звестак.

– У маі гэтага года майму бацьку ўстанавілі І групу інваліднасці і выдалі медыцынскае заключэнне, што ён мае патрэбу ў падгузках. Але падгузкі мы набываем даўно. Падкажыце, за які перыяд мы можам прадстаўляць чэкі, якія пацвярджаюць набыццё падгузкаў, для іх аплаты?

Марыя Гарбацэвіч:

– Паколькі сацыяльная дапамога для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузкаў аказваецца на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, то для яе прызначэння грамадзянам неабходна прадстаўляць дакументы, якія пацвярджаюць выдаткі на набыццё падгузкаў, з даты выдачы такіх медыцынскіх дакументаў аб патрэбнасці ў падгузках.

– Чаму з заявай на атрыманне дапамогі на падгузкі могуць звяртацца сваякі інваліда І групы, а ў выпадку смерці інваліда І групы дапамога ім не выплачваецца?

Марыя Гарбацэвіч:

– Падаць заяву аб аказанні ДАСД у выглядзе сацыяльнай дапамогі для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузкаў і неабходныя дакументы сваякамі інваліда І групы стала магчыма з 1 ліпеня 2017 года. Пры гэтым названая сацыяльная дапамога аказваецца інваліду І групы, а не яго законнаму прадстаўніку або сваяку.

У адпаведнасці з арт. 1090 Грамадзянскага кодэкса выплаце падлягаюць назначаныя грамадзяніну, але не атрыманыя ім пры жыцці з якой-небудзь прычыны, сумы заработнай платы і прыраўнаваныя да яе плацяжы, пенсіі, дапамогі па сацыяльным страхаванні, іншыя дапамогі і плацяжы для пакрыцця шкоды жыццю або здароўю. Выплата (плацяжы) у выглядзе ДАСД ва ўказаным артыкуле адсутнічае.

У сувязі з гэтым у выпадку смерці грамадзяніна, які меў права на сацыяльную дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузкаў, выплата такой дапамогі сваякам не ажыццяўляецца.

– Ці можна атрымаць штомесячную дапамогу за 2016 год? З 2016 года я з'яўляюся інвалідам ІІ групы, а дапамогу атрымала толькі ў 2017 годзе.

Галіна Лазарэнка:

– Зварот па ДАСД носіць заяўны характар і ажыццяўляецца шляхам падачы заявы ўстаноўленай формы і дакументаў, неабходных для назначэння дапамогі. Рашэнне аб аказанні (або аб адмове ў аказанні) ДАСД прымаецца раённай камісіяй на падставе прадстаўленых дакументаў ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

Калі вы не звярталіся з адпаведнай заявай і неабходнымі дакументамі ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, падставы для аказання вам ДАСД у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі за 2016 год адсутнічаюць.

Святлана Бусько, «Звязда», 19 чэрвеня 2018 г.