/ / Общественно-политические
30.03.2018

Умовы для прадпрымальных павiнны быць камфортныя: выязное пасяджэнне Прэзiдыума Савета Рэспублiкi ў Магiлёве

У Магiлёве адбылося выязное пасяджэнне Прэзiдыума Савета Рэспублiкi з нагоды мер, якiя прымаюцца па выкананнi патрабаванняў Дэкрэтаў № 7 i № 1 Прэзiдэнта Беларусі.

выязное пасяджэнне Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

Лiбералiзаваць заканадаўства

Краiне патрэбны новыя прававыя ўмовы для паўнавартаснай рэалiзацыi дэкрэтаў, для стварэння працоўных месцаў, прыцягнення iнвестыцый i павышэння прадукцыйнасцi працы. Такi пасыл зроблены ўсiм, ад каго залежыць выкананне гэтых задач на месцах.

– Кiраўнiк дзяржавы 2 сакавiка заслухаў службовых асоб па вынiках работы ў 2017 годзе i паставiў шэраг адказных задач, – адзначыў Старшыня Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Мiхаiл Мяснiковiч. – У прыватнасцi было сказана, што краiна да 2025 года павiнна выйсцi на ўзровень валавога прадукту 100 мiльярдаў долараў ЗША ў эквiваленце. Гэта вельмi складаная задача, якая патрабуе мабiлiзацыi ўсiх структур, органаў дзяржаўнага кiравання i, безумоўна, адпаведнага заканадаўчага забеспячэння. Нарматыўна-прававыя акты павiнны садзейнiчаць выкананню такой важнай эканамiчнай задачы. Дзякуючы гэтаму будзе адчувальна палепшаны жыццёвы ўзровень насельнiцтва. Парламенту трэба ўнесцi ўдакладненнi, дапаўненнi i змяненнi ў 6 кодэксаў, 21 закон, 13 указаў Прэзiдэнта i 34 пастановы Саўмiна. Гэта патрэбна, каб сур'ёзна лiбералiзаваць заканадаўства, забяспечыць камфортныя ўмовы для гаспадарчых суб'ектаў.

Савет Рэспублiкi ўжо накiраваў Савету Мiнiстраў разгорнутыя прапановы.

– У першую чаргу гэта датычыцца пытанняў iнвестыцыйнай дзейнасцi. Мы лiчым, што яны недастаткова ўрэгуляваныя, – удакладнiў Мiхаiл Уладзiмiравiч. – У нас ёсць прапановы па дзяржаўна-прыватным партнёрстве, паколькi закон дзейнiчае, а канкрэтных механiзмаў недастаткова для рэалiзацыi дзяржаўна-прыватных праектаў. Iснуюць пытаннi, звязаныя са спрашчэннем падатковых падыходаў. Прычым Падатковы кодэкс мы разглядаем разам з Грамадзянскiм, паколькi там рэгулююцца многiя ўмовы вядзення гаспадарчай дзейнасцi. Члены Савета Рэспублiкi прымаюць удзел ва ўсiх працоўных групах, якiя створаны.

Болевыя кропкi

Перад тым, як сканцэнтраваць увагу на задачах, члены Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, прадстаўнiкi мiнiстэрстваў, мясцовай улады, бiзнесу наведалi шэраг магiлёўскiх прадпрыемстваў, аб'екты Шклоўскага i Горацкага раёнаў.

– Нам было цiкава пабываць непасрэдна ў працоўных калектывах, – паведамiў Мiхаiл Мяснiковiч. – Прычым, пайшлi на «цяжкiя» прадпрыемствы, тую ж «Строммашыну», дзе ўзнялi шмат сур'ёзных пытанняў i далi адпаведныя рэкамендацыi. Пытаннi iнвестыцыйнай дзейнасцi разгледзелi на прыкладзе «Магатэкса», якi дынамiчна развiваецца, рэалiзуе ўжо другi iнвестпраект. Але становiшча спраў з занятасцю ў Магiлёве дазваляе зрабiць выснову, што абласному цэнтру неабходна мець сваю праграму iндустрыялiзацыi. Магiлёў заўсёды быў горадам прамысловым, а зараз гэты патэнцыял страчвае сваю прыярытэтнасць.

Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцовым самакiраваннi Аляксандр Папкоў азнаёмiўся cа станам спраў у Горацкiм раёне.

– Улiчваючы, што мне доўга давялося працаваць у Магiлёўскай вобласцi, я вельмi добра ведаю той, былы, Горацкi раён. Але сёння ён мяне расчараваў, – прызнаўся Аляксандр Папкоў. – У раёне цалкам адсутнiчаюць тыя кропкi росту, якiя павiнны фармiраваць адпаведную эканомiку. Тое, што калiсьцi працавала на эканомiку, сёння ўжо дае збоi. I той узровень рэнтабельнасцi, якi мы маем, у прыватнасцi, па Горацкiм раёне – 5-6 % – недапушчальны. Трэба бiць у набат i вельмi сур'ёзна разбiрацца. Таму мы прапанавалi стварыць сур'ёзную групу, куды ўвойдуць супрацоўнiкi Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii, якiя павiнны вызначаць нейкую iнавацыйную навiзну ў развiццi раёна. Група павiнна выпрацаваць рашэннi i данесцi iх да ўрада i кiраўнiка дзяржавы для наступнай рэалiзацыi.

Намеснiк старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Мар'яна Шчоткiна:

– Людзi, занятыя ў эканомiцы, – гэта нашы падаткi, напаўненне бюджэту, фонд сацыяльнай абароны, замацаванне кадраў на тэрыторыi, а значыць i яе развiццё. Дзяржава павiнна гнутка рэагаваць на патрэбы грамадства, на змяненне сiтуацыi. А дэкрэты i ўказы дапамагаюць рабiць гэта аператыўна. Дэкрэты № 7 i № 8 нацэлены на фармiраванне новай мадэлi эканомiкi, аснова якой – iнавацыi, iнвестыцыi, нетрывiяльнае рашэнне кiраўнiкоў. Гэта базавыя своечасовыя дакументы, якiя накiраваны на садзейнiчанне занятасцi, стымуляванне дзелавой актыўнасцi i развiццё прадпрымальнiцкай iнiцыятывы. Амаль 54 % людзей, якiя працавалi летась за мяжой, маладыя – ва ўзросце ад 25 да 39 гадоў. Гэта тыя, хто мог бы арганiзаваць сваю справу тут. Трэба стварыць такiя ўмовы, каб ад нас не з'язджала моладзь, а, наадварот, каб сюды прыязджалi. Ключавое месца ў выкананнi Дэкрэтаў № 1 i № 7 адводзiцца мясцовым выканаўчым органам i Саветам дэпутатаў. Саветы дэпутатаў павiнны быць iнiцыятыўнымi i самастойнымi, актыўна ўзаемадзейнiчаць з парламентам i выканаўчай уладай у iнтарэсах людзей.

Нэлi Зiгуля, «Звязда», 30 сакавіка 2018 г.