/ / Общественно-политические
23.05.2018

Дэкрэт аб садзейнічанні занятасці палепшыць сітуацыю на рынку працы – Ірына Касцевіч

Мэта дэкрэта аб садзейнічанні занятасці – максімальна палепшыць сітуацыю на рынку працы, адзначыла Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Яна растлумачыла аспекты рэалізацыі дакумента на семінары ў Гомелі. Міністр падкрэсліла, што сумесная работа розных службаў, структур, ведамстваў дазволіць забяспечыць занятасць людзей і індывідуальны падыход да кожнага чалавека.

Поиск работы

Ірына Касцевіч адзначыла, што сітуацыя на рынку працы паляпшаецца і гэтаму спрыяе як эканамічны рост, так і работа, што праводзіцца ў рэгіёнах па садзейнічанні занятасці. Так, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі на 1 мая склаў 0,5 % да эканамічна актыўнага насельніцтва. Па Гомельскай вобласці ён на 0,1 % вышэйшы. У якасці беспрацоўных у паўднёва-ўсходнім рэгіёне зарэгістравана 3714 чалавек. Пры гэтым у банку вакансій на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 2,4 прапановы.

Кіраўнік ведамства праінфармавала, што да 1 снежня завершыцца стварэнне базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Пілотную версію плануецца падрыхтаваць да 1 верасня. У далейшым база будзе актуалізавацца штоквартальна. Цяпер таксама завяршаецца фарміраванне складаў камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, рыхтуецца пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія будуць служыць падставай для выключэння з базы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Міністр заклікала ўдзельнікаў семінара падзяліцца і сваім досведам:

– Мы збяром з усёй краіны прыклады цяжкіх жыццёвых сітуацый, каб максімальна напоўніць пералік, – адзначыла Ірына Касцевіч. – Гэтыя рэкамендацыі будуць затым накіраваны камісіям для працы.

Між тым у Гомелі на 1 мая 2018 года пры садзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама былі працаўладкаваны больш за 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку 1,77 тысячы беспрацоўных. Па словах начальніка ўпраўлення Аляксандра Ключынскага, з гэтай мэтай рэгулярна праводзяцца кірмашы вакансій і дні прадпрыемстваў.

Адной з актыўных мер пры рэалізацыі дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016–2020 гады з'яўляецца прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі беспрацоўных. Ужо сёлета ў Гомелі больш за 300 чалавек былі накіраваны на навучанне.

– Для падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных у эканоміцы, створаны групы, у якіх арганізуецца навучанне сумесна з установамі адукацыі, – растлумачыў Аляксандр Ключынскі. – Адна з новых формаў садзейнічання занятасці насельніцтва, якая сёлета атрымала распаўсюджанне, – правядзенне інфармацыйных сустрэч сумесна з інспекцыяй МНС па Гомельскай вобласці. Спецыялісты ў тым ліку тлумачаць нормы Указа № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», якім пашыраны пералік відаў дзейнасці, дзе не патрэбна рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Аляксандр Ключынскі падкрэсліў, што падтрымка дзелавой ініцыятывы грамадзян з'яўляецца адным з найважнейшых кірункаў палітыкі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва. Так, на 1 мая гэтага года ў Гомелі субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці выдзелены 38 беспрацоўным.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, «Звязда», 23 мая 2018 г.