/ / Общественно-политические
18.12.2017

Што такое хатні гвалт і як з ім змагацца – кансультацыя спецыяліста

Аказваецца, гэта тое, што вельмі і вельмі многія лічаць «нармальным жыццём». Абразы, прымушэнні, прыніжэнне годнасці, забароны працаваць, вучыцца, сустракацца з сябрамі і сваякамі, жорсткія абмежаванні ў фінансах і патрабаванне дэталёвай справаздачнасці, прычым нярэдка пры забароне зарабляць самастойна. Хатні гвалт існуе ва ўсіх сацыяльных групах, з ім сутыкаюцца незалежна ад узроўню даходаў, адукацыі і становішча ў грамадстве. Місію ахвяры жанчыне нярэдка навязваюць устойлівыя і шкодныя стэрэатыпы: «муж – галоўны кармілец у сям'і», «калі муж б'е жонку, то гэта справы сямейныя», «жанчына сама павінна падумаць, у чым яе віна», «дзецям патрэбны бацька – не важна які».

Насилие

– Характэрнай асаблівасцю жанчыны-ахвяры з'яўляецца яе звычка сябе шкадаваць, – тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Настасся ХНЫКАВА. – Пры гэтым яна, як правіла, не гатова прыняць на сябе адказнасць за тое, што з ёю адбываецца. Ахвяра заўсёды шукае знешняга вінаватага сваіх няшчасцяў, яна бачыць прычыну ўсяго, што з ёй адбываецца, у чалавеку, падзеі, абставінах. Жанчыну-ахвяру начальнік часта прымушае працаваць звышурочна, затрымлівацца да позняга вечара, у той час як усе іншыя ідуць дадому своечасова. Калі жанчына пагаджаецца на гэта, не адстойвае свае правы, не шукае падтрымкі ў навакольных, а толькі ўсім скардзіцца на сваё бязвыхаднае становішча, то, хутчэй за ўсё, яна і далей будзе атрымліваць дадатковыя заданні.

У ахвяры хатняга гвалту – нізкая самаацэнка, павышаная трывожнасць і ўнушальнасць, няўпэўненасць у сабе. У дарослых ахвяр назіраецца апраўданне дзеянняў крыўдзіцеля, гіпертрафіраванае пачуццё віны, падаўленае пачуццё гневу, упэўненасць у тым, што ніхто не можа рэальна дапамагчы. У жанчын – скажонае разуменне ролі жанчыны ў грамадстве і сям'і.

Дарослая ахвяра баіцца агалоскі, асуджэння або празмерна балюча ўспрымае спачуванні навакольных. Часта жанчына-ахвяра атрымлівае псіхалагічную выгаду са свайго становішча – ёй перападае ўвага навакольных, падтрымка, спачуванне і дапамога. Іншымі словамі, пазіцыя ахвяры – эгаістычная. Таму так цяжка выйсці з гэтай ролі.

Што да агрэсараў, то яны, як правіла, самі цярпелі гвалт у дзяцінстве. У іх таксама нізкая самаацэнка і жаданне абвінавачваць іншых у тым, што адбываецца (мужчына-агрэсар можа прыпісваць жанчыне пастаянныя здрады). Часта яны выдатна разумеюць, у дачыненні да каго можна ці нельга праяўляць агрэсію. «Хатнія гвалтаўнікі» могуць быць у грамадстве на добрым рахунку. Агрэсар пасля ўчынення гвалту нярэдка падкупляе ахвяру – актыўна просіць прабачэння, загладжвае віну абяцаннямі, сексам, падарункамі, «аслабленнем рэжыму», што ў выніку дае толькі новыя нагоды для агрэсіі. Істотным фактарам для маніпулявання з'яўляюцца дзеці – «дзяцей не ўбачыш».

Сямейны гвалт – частка простага, прадказальнага цыкла. Пачынаецца ён з адчування напружанасці. Ахвяра нібы жыве на вулкане, перажывае прыгнечанасць і неспакой.

Каб усвядоміць праблему, звярніце ўвагу на некалькі маркераў агрэсіі:

  • партнёр забараняе вам бачыцца з сябрамі або сваякамі, кантралюе, як і дзе вы праводзіце час;
  • вы адчуваеце ціск на эмацыянальным, псіхалагічным узроўнях, чуеце пагрозы;
  • партнёр прымушае вас да інтымных стасункаў;
  • вас прыніжаюць у прысутнасці сяброў або сваёй сям'і;
  • партнёр пастаянна крытыкуе за знешні выгляд, гатаванне ежы, паводзіны;
  • вас пазбаўляюць ежы, грошай, сну.

Святлана БАРЫСЕНКА, «Звязда», 16 снежня 2017 г.